АРХЕАГРАФІ́ЧНАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ,
экспедыцыя, якая накіроўваецца для выяўлення і збору гіст. крыніц. Адну з першых экспедыцый у 1809 арганізавала Рас. АН у гарады паўн. Расіі і на Украіну. У час экспедыцый 1817—18 (М.П.Румянцаў) і 1820 (П.М.Строеў) абследаваны архівы Масквы, б-кі манастыроў Маскоўскай, Наўгародскай і Разанскай губ. (выяўлены Ізборнік Святаслава 1073, Судзебнік 1497 і інш.). У 1829—34 археаграфічная экспедыцыя на чале са Строевым даследавала каля 200 архіваў і б-к Паўн. Расіі, сабрала каля 3 тыс. актаў, летапісаў і інш. дакументаў 14—17 ст. (многія з іх выдала Археаграфічная камісія). Шэраг крыніц, у т. л. 14 ст., выявіла ў 1852—54 археаграфічная экспедыцыя М.В.Калачова, якая працавала ў Цэнтр. Расіі. На Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. экспедыцыі арганізоўвалі Віленскія археал. і археаграфічная камісіі, навуч. акруга. Іх праводзілі М.К.Баброўскі, І.І.Грыгаровіч, А.І.Мілавідаў і інш. Матэрыялы, сабраныя на Беларусі, захоўваюцца таксама ў рас. б-ках (АН, Маскоўскага ун-та і інш.). У 1970—80-я г. гіст. крыніцы збіралі Нац. б-ка Беларусі, Цэнтр. навук. б-ка імя Я.Коласа АН Беларусі, Рэсп. музей гісторыі рэлігіі, Веткаўскі музей нар. творчасці і інш.
т. 1, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)